Будслаў. Агульнаадукацыйная 7-класная школа. Фота 1930-х гадоў. Улады Польскай Рэспублікі ўпершыню ўвялі ў Заходняй Беларусі абавязковае школьнае навучанне. У пачатку 20-х цяжка было са школьнымі будынкамі. Іх проста не было, абсалютная большасць школ, асабліва ў вёсках працавалі ў нанятых у сялянскіх хатах, неадпаведных памяшканнях. Калі скончылася польска-бальшавіцкая вайна і польская дзяржава трохі "прыйшла ў сябе", то пачалі будаваць школы. Школу ў Будславе збудавалі прыкладна ў 1927-28 гадах (дакладную дату зараз не называю - яе можна знайсці, але такія пошукі патрабуюць часу). Самае масавае будаўніцтва школ у Віленскім ваяводстве прыпадае на 1937 год, калі польскія ўлады вырашылі ўшанаваць памяць памерлага ў 1935 годзе Маршалка Польшчы Юзафа Пілсудскага, пабудаваўшы ў ваяводстве 100 новых школ. Гэтыя школы былі амаль выключна польскамоўнымі. Польская дзяржава ўсялякім чынам замінала беларусам ствараць школы ў сваёй роднай мове. Гэтак, у 1919 годзе, толькі прыйшоўшы ў Будслаў, палякі зачынілі беларускую гімназію, якая існавала ў мястэчку ў 1917-1919 гг (два навучальныя гады). У 1919/20 навучальным годзе ў Будславе яшчэ дзейнічала прыватная беларуская пачатковая школа, але хутка зачынілася і яна. Тым не менш, увядзенне ўсеагульнага навучання і масавае будаўніцтва школ у Заходняй Беларусі адкрыла многім беларускім дзецям доступ да асветы і культуры. Польская школа не ўсіх змагла спаланізаваць - калі моладзь вучылася чытаць, думаць, цікавіцца навакольным светам - многія вучні даходзілі да разумення, што яны асобны народ, беларусы, і што яны маюць свае правы і нацыянальныя інтарэсы.