Гэты здымак зроблены ў Глыбокім у першыя гадзіны або дні нямецкай акупацыі ў 1941 годзе. Рынак Касцюшкі, дзе быў зроблены здымак, быў ключавым для гісторыі горада месцам.
"Торг" у Глыбокім згадваецца ў Літоўскай метрыцы яшчэ ў 1514 годзе, і, праўдападобна на гэтым месцы і знаходзіўся. Месцам гандлю служыў пляц, які ўтвараўся пры пашырэнні трасы вуліцы Замкавай пры скрыжаванні з вуліцамі Дворнай і Друйскай. Пасля вялікага пажару 1830 года Глыбокае было перапланавана, і пад рынак быў адведзены прамавугольны пляц, які з поўдня абмяжоўваўся трасай Замкавай вуліцы.
Калі Саветы акупавалі Глыбокае 17 верасня 1939 года, яны ўнеслі пэўныя змены ў выгляд горада. Увесь гандаль стаў адбывацца на Конскім рынку (дзе цяпер т. зв. "нядзельны рынак"). На месцы Рынка Касцюшкі быў закладзены сквер, пасаджаныя дрэвы, паабапал пастаўленая агароджа. Можа, з гледзішча урбаністыкі гэта было нядрэннае рашэнне.
Зрэшты, тыя ж Саветы гэты сквер і знішчылі, пабудаваўшы на яго месцы там у 1980-я (ці 70-я?) сяміпавярховы Белы Дом - сядзібу мясцовай партыйнай і дзяржаўнай адміністрацыі.
Здымак зроблены ў першыя дні нямецкай акупацыі - а можа, нават першы яе дзень, 3 ліпеня 1941 года. Немцы ўвайшлі ў Глыбокае без вялікіх баёў. Жорсткае супраціўленне Чырвонай арміі чакала іх каля Полацка на лініі Полацкага ўмацаванага раёна і каля Дзісны, дзе ў выніку баёў была знішчана значная частка горада.
У Глыбокім жа не відаць ніякіх разбурэнняў. На ўскраіне скверу стаіць вялізны плакат з цытатай са "сталінскай" канстытуцыі 1936 года - "Грамадзяне СССР маюць права на працу, гэта значыць права на атрыманне гарантаванай работы з аплатай іх працы ў адпаведнасцю з яе колькасцю і якасцю". Як і на ўсіх плакатах у Савецкім Саюзе, там была напісана хлусня. Раз - што работа, напрыклад, у калгасах у тыя часы не аплочвалася практычна ніяк ("людзі рабілі за палачкі"), два - маўчаннем абыйшлі той факт, што мільёны жыхароў СССР атрымалі сваю працу на ссылках у аддаленых раёнах ды ў шматлікіх лагерах ГУЛАГу, дзе не было гаворкі не тое, што пра аплату працы, а пра тое, што людзі паміралі ад нялюдскіх умоваў.
Такіх плакатаў, магчыма, было ў цэнтры Глыбокага болей - саветы ж любілі расказваць паняволеным народам пра "свабоду", якую яны прынеслі. Але на фота яны не трапілі. Зрэшты, нямецкія акупанты таксама займаліся агітацыяй, і неўзабаве ў Глыбокім з'явіліся партрэты фюрара з подпісам на беларуска-расейскай трасянцы "Гітлер асвабадзіцель". Але пакуль што яшчэ новыя акупанты не паспелі зняць гэты плакат - таму я і думаю, што фота зроблена ў першыя гадзіны нямецкай акупацыі Глыбокага. Глыбокае ў тыя дні і гадзіны было шакаванае страшнай знаходкай у Беразвеччы - калі Саветы адступілі з горада, побач з турмой у базыльянскіх мурах былі знойдзеныя ямы з расстралянымі вязнямі, большасць з якіх, канечне ж, былі ні ў чым не вінаватыя. Тысячы людзей ішлі ў Беразвечча, спадзеючыся знайсці там целы сваякоў, якія зніклі. Хто не знайшоў - магчыма, мелі нейкую надзею, бо наўрад ці яшчэ да Глыбокага дайшлі весткі пра тое, што НКВД расстраляла калону беразвецкіх вязняў 29 чэрвеня 1941 года каля Улы.
А гэтыя падлеткі з босымі нагамі, што сядзяць на бервяне, якое невядома чаму ляжала каля агароджы сквера і глядзяць на нямецкага салдата з фотаапаратам - магчыма, яны спадзяваліся, што пад нямецкай акупацыяй будзе лягчэй, чым пад савецкай. Калі так, то іх спадзяванні не апраўдаліся: неўзабаве ім давялося стаць сведкамі знішчэння голадам савецкіх ваеннапалонных у Беразвеччы, расстрэлаў у Барку, знішчэння гета, знішчэння Глыбокага немцамі падчас адступлення. Ці перажылі яны вайну? Невядома.