Касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Будславе. Фота зроблена, як напісана на адвароце, 15 красавіка 1939 года - за чатыры з паловай месяцы да пачатку Другой Сусветнай вайны. У Будславе ў гэты час стацыянаваў батальён Корпуса Аховы Памежжа. У 1937 годзе памежнікі арганізавалі рамонт старадаўняга гадзінніка на касцёле, а пад гадзіннікам змясцілі эмблему КАП. Вясной 1939 года частку батальёна перамясцілі на паўднёва-заходнія рубяжы Польскай Рэспублікі, дзе яны 1 верасня 1939 года ўступілі ў бой з нацыстамі. А 17 верасня 1939 года з усходу ў Будслаў увайшлі Саветы. Жаўнеры КАП прынялі бой у ваколіцах Ілава, некаторыя загінулі. Уладальнік маёнтка Ілава Алякандр Радван-Акушка, афіцэр рэзервы Польскага Войска, трапіў у палон і быў забіты ў Катыні. Такім чынам, гэтая фотка нагадвае і пра тое, як перад самай вайной выглядаў касцёл у Будславе - і пра апошнія месяцы мірнага жыцця, якія, зрэшты, былі ўжо напоўненыя прадчуваннем катастрофы. Арыгінал фотаздымка знаходзіцца (часова) ў маёй калекцыі.