Эдуард Мацюшонак. Ладдзя роспачы, 2016. На карціне - базыльянская царква ў Беразвеччы, паўпразрыстыя абрысы ўпрыгожвання алтарнай часткі, і цені людзей. Для глыбачаніна назва "Беразвечча" выклікае шмат эмоцый. І ўспамінаў пра тыя тысячы людзей, якіх там знішчылі камуністы і нацысты. Царквы няма. Яе разбурылі камуністы ў 1949 годзе. Пра людзей, якіх забілі на "дарозе смерці" 29.06.1941, не згадваюць - наадварот, шануюць іх забойцаў. На плошчы 3 Мая камуністы начапілі шыльдачкі "17 Верасня". Каля месца, дзе ў 1941 годзе камуністы забівалі вязняў, паставілі, і дагэтуль стаіць, помнік Феліксу Дзяржынскаму. Зрэшты, няма ніякай шыльды ці памятнага знака пра нямецкі лагер для ваеннапалонных. На магілах у Барку, дзе хавалі загінулых - так, ёсць мемарыял. А на месцы лагера, дзе яны паміралі пад голым небам - нічога. Гэтая карціна, дарэчы, перагукаецца з назвай кнігі Эўгеніюша Ластоўскага "Прывіды з Беразвечча". Пра мастацкія вартасці той кнігі няма чаго асабліва добрага сказаць - але факт, што назва "Беразвечча" ўвайшла ў памяць і ў культуру як месца пакутаў. Як бы хто ні спрабаваў гэтую памяць сцерці.

Теги других блогов: Беразвечча камунізм памятнік