Калі пасля ўкрыжавання вучні ўцякалі з Ерусаліма ў Эмаус, яны былі расчараваныя. Яны сабе былі намаляваўшы ўяўленні што вось-вось рэжым упадзе, Ісус адновіць свабоду Ізраіля. Але сталася Укрыжаванне, і яны засмучаныя ўцякаюць.
Як жа гэта ўсё разумеем мы. Мы таксама мелі светлыя ўяўленні пра будучыню, спадзяваліся на тое, што вось-вось будзем жыць у свабодзе. А маем - турмы, зачысткі, ператрусы, вайну, уцякацтва. Крах нашых мараў.
Але Бог дае нам Добрую Навіну іншую, чым тое, на што мы спадзяваліся. Большую за тое, на што мы спадзяваліся. Ахвяра і Ўваскрасенне Хрыста дае нам жыццё вечнае, ратуе ад найбольшай бяды, якая магла б здарыцца з чалавекам - ад пекла.
Божай ласкі і вечнага жыцця не адбярэ ад нас ніякі дыктарар, ніякі агрэсар. Спадзяемся, што ўжо дайшоў да Неба наш брат Вітольд Ашурак. Спадзяемся, што аглядаюць Божае аблічча загінулыя на фронце хрысціяне, якія ваявалі ў шэрагах ЗСУ, валанцёры, мірныя жыхары, якія загінулі ад рук расійскіх агрэсараў.
Спадзяёмся, што дойдзем да Неба - калі захаваем вернасць Богу і любоў да бліжняга - і мы. І гэта найлепшае, што нас можа чакаць, і найлепшая вестка сярод усяго гэтага змроку.
Хрыстос уваскрос!